Оздоровление

Арганізацыя аздараўлення ў спартыўна-аздараўляльных лагерах, лагерах працы і адпачынку ў летні перыяд
Летнія канікулы яшчэ не скончыліся, а з імі працягваецца і аздараўляльная кампанія. Пік яе прыходзіцца ўсё ж на першую частку лета, але ўжо можна аналізаваць яе ход, падводзіць вынікі. А таксама дзяліцца вопытам і напрацоўкамі з калегамі. Менавіта гэта і стала галоўнай мэтай абласнога семінара на тэму “Арганізацыя аздараўлення ў спартыўна-аздараўляльных лагерах, лагерах працы і адпачынку ў летні перыяд”, які праходзіў 8 жніўня ў нашым раёне. Яго арганізатарамі сталі: загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама Галiна Собаль i спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама Марына Рабацень, якія падрыхтавалі для спецыялістаў аддзелаў адукацыі з усёй вобласці цікавую праграму. Спонсарамі мерапрыемства выступілі “Лекфарм” і “Поліпрынт”.

 Лагойшчына мае добрую спартыўную базу, што дае магчымасць выхоўваць моцных спартсменаў. Падчас канікул важна не толькі працягваць трэніроўкі, але і ўдзяляць увагу ўмацаванню здароўя дзяцей, з чым выдатна спраўляюцца лагеры на базе спартыўных устаноў. Менавіта таму першым аб’ектам, які наведалі ўдзельнікі семінара, стаў гарадскі стадыён. Тут гасцей сустрэла дырэктар Лагойскай КСДЮШАР Наталля Кудзелка. Яна расказала пра арганізацыю работы ў гэтым напрамку. Палова з 418 навучэнцаў спартшколы адпачывалі ў лагерах розных тыпаў, а 180 чалавек праводзілі час менавіта ў спартыўна-аздараўляльных, дзе прадугледжаны трэніроўкі, адпавядаючае спартыўным нормам харчаванне, цікавыя мерапрыемствы. Госці задавалі пытанні, якія датычылі некаторых момантаў работы і атрымлівалі на іх адказы, падмацаваныя канкрэтнымі прыкладамі. Затым спецыялісты накіраваліся на лыжна-біятлонную базу “Заечая паляна”, каб асабіста пазнаёміцца з адным з месцаў, дзе праходзяць заняткі юных спартсменаў. Далей гасцей раёна чакала невялікая экскурсія па Лагойску, якую правяла старшая сястра лагойскага сястрынства Ірына Тарасевіч. Сумяшчэнне адпачынку і працы летам – аптымальны варыянт занятасці для школьнікаў старэйшага ўзросту. У нашым раёне ёсць выдатныя прыклады такой практыкі. Напрыклад, гімназісты ўжо некалькі гадоў супрацоўнічаюць з Лагойскім лясгасам. А вось вопыт арганізацыі лагера працы і адпачынку “Патрыёт”, у якім вучні Акалоўскай школы працуюць на базе гадавальніка дэкаратыўных раслін “Прырода-люкс”, стаў наглядным прыкладам для спецыялістаў з іншых раёнаў. Менавіта тут удзельнікі семінара пазнаёміліся з дырэктарам ААТ “Прырода-люкс” Сяргеем Несцяровічам і дырэктарам Акалоўскай СШ Анжэлай Сівец. Хлопцы і дзяўчаты з лагера, што працавалі на праполцы, сустракалі гасцей вершаваным прывітаннем. Пасля агляду тэрыторыі праца па тэме педагагічнага семінара працягвалася. У першую чаргу была прадстаўлена ўся дакументацыя, якая суправаджае арганізацыю работы лагера: нарматывы па ахаве працы, разліку аплаты і інш. Дырэктар ААТ “Прырода-люкс” падкрэсліў, што вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве са школамі. Анжэла Уладзіміраўна ў рамкаха абмену вопыту падрабязна расказала, як праходзіць дзень у лагеры працы і адпачынку, адзначыла, што дзеці з задавальненнем наведваюць яго. А супрацоўнічаюць школа і таварыства ўжо чацверты год, таму работа адладжана да дробязей. Так, на агадавальніку раслін дзеці працуюць па 4 гадзіны 4 дні на тыдзень. Тут ёсць спецыяльнае адзенне і пальчаткі, інструмент, свежая пітная вада, аптэчка. Заўсёды ўлічваецца надвор’е. Пасля работы ёсць магчымасць пераапрануцца і памыцца. У школе пасля абеду да ўвагі вучняў інфармацыйныя гадзіны, прагляд кінафільмаў, сустрэчы. Яшчэ два дні прысвечаны экскурсіям, наведванню музея, правядзенню спартыўных мерапрыемстваў. Усё гэта было падмацавана фотаздымкамі. Пры падвядзенні вынікаў абласнога семінара начальнік цэнтра выхаваўчай работы ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Таццяна Цвірко пацвердзіла, што каштоўны вопыт стварэння і паспяховай працы лагераў працы і адпачынку ў першую чаргу залежыць ад узаемнай зацікаўленасці арганізацый і школ. Пры гэтай неад’емнай акалічнасці поспех у развіцці дадзенага напрамку педагагічнай працы гарантаваны.

Таццяна Крэнь,
Лагойская раённая газета «Родны край»  
















 

Новости министерства образования